Выстава адной карціны «Ніколі не забудзем»


Выстава адной карціны «Ніколі не забудзем» у Мастацкай галерэі прысвечана 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Кожны, хто цікавіцца гісторыяй сваёй краіны, хто не абыякавы да памяці продкаў, загінуўшых у страшнай вайне, мае магчымасць прыйсці на выставу адной карціны, паразважаць пра жыццё, узгадаць, тых каго ўжо няма сярод нас.

У нашай краіне вайна забрала жыцці кожнага трэцяга жыхара. Але беларускі народ разам з іншымі народамі СССР выстаяў і перамог.

9 Мая — знамянальная дата для ўсіх беларусаў, важнае свята для кожнай сям'і, гэта даніна памяці, глыбокай павагі і ўдзячнасці ўсім тым, хто набліжаў Перамогу!

9 Мая — адно з самых светлых святаў, якое бясконца дорага беларускаму народу, што разам з мільёнамі савецкіх людзей абараняў у Вялікай Айчыннай вайне суверэнітэт сваёй краіны і ўдзельнічаў у вызваленні Еўропы ад фашысцкага прыгнёту.

Падчас экспанавання выставы з 9 мая да 7 ліпеня будуць прадстаўлены творы беларускіх мастакоў з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Экспазіцыю адкрывае палатно Уладзіміра Лагуна «Ля магілы Невядомага салдата». Карціна была напісана ў 1957 годзе, калі ўжо зажылі раны, але жонкі ўсё яшчэ чакалі з вайны сваіх мужоў, і памяць пра тых, хто не вярнуўся з вайны, была шчымлівай і светлай.

У час Вялікай Айчынная вайны Полацк быў акупаваны 16 ліпеня 1941 года. Акупацыя доўжылася каля трох гадоў. 29 чэрвеня 1944 года пачалася Полацкая наступальная аперацыя, якая з’яўлялася часткай вялікай Беларускай аперацыі. Полацк быў вызвалены на наступны дзень пасля вызвалення Мінска — 4 ліпеня 1944 года — войскамі Першага Прыбалтыйскага фронту.

У Полацку на плошчы Свабоды, дзе ўсталяваны помнік «Вызваліцелям Полацка» пахаваны 16 воінаў, якія загінулі ў 1944 годзе пры вызваленні горада.

Праходзяць дзесяцігоддзі, змяняюцца пакаленні, але Вялікая Перамога — сімвал нацыянальнага гонару, воінскай славы і доблесці — навечна ўпісана ў гераічны летапіс краіны.

272