«ЗНАКІ ЖЫЦЦЯ» выстава аўтарскіх пісанак Ганны Клімовіч і Вольгі Хачковай

×

Status message

Thank you for your vote.

ЗНАКІ ЖЫЦЦЯ

выстава аўтарскіх пісанак Ганны Клімовіч і Вольгі Хачковай

Вясна… Спяваюць птушкі, зазелянела на падворку. Прырода абуджаецца — нараджаецца новы год, год жыццёвасці. Сакральны час — час, калі адбываюцца з’явы, якія нельга растлумачыць рацыянальна.

Што для вас гэты час?

Час веснавых святаў! Вялікдзень, вяліканне, вялічка! Адно з самых адказных і радасных свят у жыцці земляроба. Для беларуса — гэта час хаджэння валачобнікаў і спявання імі песень, фарбавання і распісвання яек, гульні ў біткі.

Размаляваныя рознымі ўзорамі, арнаментамі і колерамі, невялічкія яйкі захоўваюць і нясуць беларускаму свету геаметрычныя, раслінныя, сакральныя знакі — знакі жыцця, дабрабыту, багацця, здароўя, урадлівасці…

Прыгажосць традыцыі пісанкі — роспісу маляваных яек, — і сучасныя аўтарскія інтэрпрэтацыі тэй традыцыі Ганнай Клімовіч і Вольгай Хачковай можна пабачыць на выставе аўтарскіх пісанак “Знакі жыцця”.

У экспазіцыі маюць быць прадстаўленыя некалькі дзясяткаў пісанак, зробленых у самых розных тэхніках. Тут можна будзе пабачыць, напрыклад, старажытныя пісанкі з арнаментам ХІ–ХІІІ стст., а таксама калекцыі распісных яек са старажытнай сімволікай: Дрэва жыцця, Берагіня, Птушкі і інш.

Будуць тут і пісанкі, зробленыя ў тэхніцы траўлення на карычневых яйках, і ў тэхніцы "белым па белым".

Самыя розныя традыцыйныя святочныя пісанкі можна будзе паглядзець у Музеі беларускай маляванкі, а дапоўняць іх яйкі сучасныя — з гліны, дрэва, лазы. Таксама мае быць прадстаўленая аўтарскія пісанкі, зробленыя на курыных, гусіных, перапяліных, страўсіных, качыных яйках.

А самыя пільныя сярод усіх гэтых яек знойдуць яйка-маляванку!

Паглядзець велікодную выставу маляваных яек “Знакі жыцця” можна будзе ў Музеі беларускай маляванкі (вул. Дачная, д.13) з 10 красавіка па 1 чэрвеня 2025 штодня, апрача панядзелка, з 9.00 да 17.00.

494