Дзятлаўшчына памятае. Да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Сцяпан Лейка

Лейка Сцяпан Ігнацьевіч нарадзіўся 18 верасня 1922 года ў в.Заполле Карэлічскага раёна Гродзенскай вобласці. У гады Вялікай Айчыннай вайны з 1942 па 1944 гады з’яўляўся партызанам “Асобага казачага атрада” першай беларускай кавалерыйскай партызанскай брыгады.

З успамінаў Сцяпана Ігнацьевіча:

“У красавіку 1944 года наш асобны кавалерыйскі партызанскі атрад разгарнуўся ў дывізіён. Ён складаўся з двух кавалерыйскіх эскадронаў і кулямётна-кавалерыйскага падраздзялення.

Прыпамінаецца паспяховая засада на тракце Баранавічы – Стаўбцы ля вёскі Паланечка. Па данных разведкі, немцы старанна сачылі за станам тэлефоннай лініі ўздоўж гэтага тракта. І хоць ад нашага ляснога лагера да тракта было 35 кіламетраў, камандаванне нашага атрада вырашыла правучыць немцаў, разладзіць сістэму сувязі на гэтым участку дарогі. Для засады была выбрана паўднёвая ўскраіна вёскі Паланечка. Сюды выйшлі асноўныя сілы атрада, астатнія партызаны пад камандаваннем Мікалая Кліменка павінны былі перарэзаць тэлефонную лінію ў некалькіх кіламетрах на паўднёвы ўсход і прыкрыць нашы галоўныя сілы з боку пасёлка Мір.

Справа ад тракта за пабудовамі ў палісадніках заляглі партызаны пад кіраўніцтвам Фёдара Ватоліна. Тут ўстанавілі і нашу “кацюшу”, і пушку.

Мясцовасць злева перакрывалася агнём 20 стралковых і ручных кулямётаў партызанскай засады.

Пацягнуліся мінуты чакання. Ноч. Мяцеліца. Камандаванне занепакоілася: ці не здарма марозім людзей?

Але ў трэцяй гадзіне ночы ўперадзе заміргаў ліхтарык - сігналілі разведчыкі пра з’яўленне немцаў. Далей дзве нямецкія аўтамашыны поўныя салдат, імклівана прыбліжаліся да месца засады.

Абстаноўку разрадзіла каманда “Агонь!”, якую падаў камандзір атрада. У гэту ж секунду запрацавала больш сотні партызанскіх кулямётаў, аўтаматаў, вінтовак. На гітлераўцаў абрушылася лавіна агню. Загарэлася задняя машына немцаў. А гітлераўцы, якія знаходзіліся ў пярэдняй машыне, спрабавалі адстрэльвацца. Гэтым спробам паклаў канец удалы выстал нашай пушкі. Снарад папаў ў пярэднюю частку кузава, а ад яго разрыву здзетаніравала скрынка гранат, якая знаходзілася там. З фашыстамі было пакончана.

Усяго ў гэтым баі намі было знішчана 38 варожых салдат і афіцэраў, захоплена пяць ручных кулямётаў, больш 20 аўтаматаў і вінтовак, 8 тэлефонных апаратаў, многа тэлефоннага кабеля.”

Пасля вайны Лейка Сцяпан Ігнацьевіч - з 1944 года па 1955 год - працуе на розных пасадах партыйных савецкіх работнікаў. У 1955 годзе быў абраны старшынёй калгаса “Чырвоны Кастрычнік” Дзятлаўскага раёна, дзе працаваў да 1971 года. З 1971 года па 1983 год працаваў старшынёй Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі. У 1989 годзе быў абраны старшынёй Дзятлаўскага раённага Савета ветэранаў, які ўзначальваў да 2006 года.

Сцяпан Ігнацьевіч ўзнагароджаны ордэнам “Айчыннай вайны ІІ ступені”, медалямі “За перамогу над Германіяй у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945гг.”, “Партызану Айчыннай вайны ІІ ступені”, “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна”, “Ветэран працы”, і шматлікімі юбілейнымі медалямі.

64