Каралеўскае шлюбаванне ў Новагародку

Сёлета спаўняецца 600 год, як у Новагародку браў свой чацвёрты шлюб 70-гадовы кароль польскі і найвышэйшы князь літоўскі Ягайла з 17-гадовай князёўнай Соф'яй Гальшанскай.

Каралева Ядвіга так і не ашчаслівіла Ягайлу. Кароль ажэніцца яшчэ тройчы. І толькі ў апошнім шлюбе – з маладой і прыгожай князёўнай, ліцвінкай, Софʼяй Гальшанскай, нарэшце займее дынастычных інфантаў. А сасватаў яму гэтую прыгажосць (магчыма нават на сваю галаву) вялікі князь літоўскі, з якім кароль не раз сутыкаўся ілбамі, Вітаўт.

Вось што кажа «Хроніка Быхаўца» пра першую сустрэчу Ягайлы і Сафіі:

«І, вяртаючыся назад, прыехалі ў Друцк і былі там на абедзе ў князя Сямёна Дзмітрыевіча Друцкага. А ў караля Ягайлы памерла ўжо трэцяя жонка, не даўшы нашчадкаў; І ўбачыў ён у князя Сямёна дзвюх яго прыгожых пляменніц, старэйшую з іх клікалі Васіліса па мянушцы Бялуха, а другую ‒ Сафія. І прасіў Ягайла Вітаўта, кажучы яму так: «Было ў мяне ўжо тры жонкі, дзве полькі, а трэцяя немка, а нашчадкаў яны не пакінулі. А цяпер прашу цябе, высватай мне ў жонкі ў князя Сямёна малодшую пляменніцу Сафію, яна з роду рускага і можа быць бог дасць мне нашчадкаў»

А вось, як лацінамоўны паэт Ян Вісліцкі вобразна апісваў, як багі выбіралі састарэламу каралю Ягайлу жонку (асцярожна, адаптаваны пераклад):

«Багіня прыгажосці Венера паказала на Софʼю Гальшанскую: «Ёсць у мяне беларуская німфа, слаўная па ўсіх краінах, німфа, цудоўнейшых дзяўчат няма, багінь пераўзыходзіць. Софʼяй яе называюць у народзе і аратыя славяць. Чароўнасцю аблічча, як і прыгажосцю гаворкі, старажытных прыгажунь у цені пакідае... шлюбам ганаровым звязаць я вырашыла з прастола ўладаром гэтую княжну і патомствам дастойным упрыгожыць нявесту»».

Згадзіцеся, прыгожа напісана :)

Дакладная дата вянчання Ягайлы і Софʼі Гальшанскай невядомая. Але ўсе крыніцы кажуць, што ў дзень вянчання «кароль прыехаў з вялікай світай у заснежаны Новагародак».

Софʼя – сярэдняя з трох дочак князя Андрэя Іванавіча Гальшанскага і Аляксандры Дзмітрыеўны з роду Друцкіх. Пабраўшыся шлюбам з каралём польскім Ягайлам, яна неўзабаве стала каралевай польскай (1424 год) і далучылася да грона еўрапейскіх уладных дамоў.

Трэба абавязкова ўпамянуць цікавы факт: Софʼя была маладзейшай за сваю сястру. Па звычаю лічылася ганьбай для старэйшай сястры выйсці замуж пазней малодшай. Таму, каб Ягайла мог ажаніцца з Софʼяй, трэба было выдаць замуж яе старэйшую сястру. Што хуценька і было зроблена.

Немалаважную ролю ў падрыхтоўцы да вяселля сыграў і канфесійны фактар. Софʼя Гальшанская была праваслаўнай, а праваслаўная не магла стаць каралевай Польшчы. Таму яшчэ да вяселля Софʼя была ахрышчана паводле каталіцкага абраду.

Вось колькі ўсяго трэба было зрабіць перад каралеўскім шлюбаваннем! Але галоўнае ўсё ж такі не было зроблена: польская шляхта не ведала пра задуму караля. Ягайла іх паставіў перад фактам, калі справа была ўжо зроблена.

Ну і напрыканцы мы не можам не сказаць:

- хоць і на адзін дзень, але да Новагародка вяртаецца былая сталічная велічнасць і значнасць. Ведама, такая непраўдападобная вестка агучыла ўсё наваколле – ад Вільні ажно да Кракава: тут задумаў браць свой чацвёрты шлюб сам кароль польскі і найвышэйшы князь літоўскі Ягайла.

- Софʼя Гальшанская была адзіная жонка Ягайлы, якая нарадзіла яму сыноў – менавіта ў Новагародку багі далі сваё блаславенне маладым, і такім чынам узяла свой пачатак самая «жывучая» дынастыя Ягелонаў – каралеўская дынастыя Ягелонаў-Ягайлавічаў панавала ў сярэднявечнай Еўропе з 1377 да 1572 года. Такім чынам, Новагародскае каралеўскае шлюбаванне амаль два стагоддзі ўплывала на ход еўрапейскай палітыкі :)

595