Памяць жыве і будзе жыць

Памяць жыве і будзе жыць

Саша Шылаў… Ён з пакалення тых хлопцаў і дзяўчат, якія не бачылі вайны, але чулі шмат аповедаў пра яе ад бацькоў і дзядоў. Ён з пакалення тых беларусаў, якія жылі пад мірным небам, не ведалі голаду, вучыліся ў сярэдніх школах, займаліся спортам, слухалі з вялікіх транзістараў “Песняроў” і “Самацветы”, хадзілі на танцы і марылі пра космас і грандыёзныя камсамольскія будоўлі.

Наваельня была для Сашы месцам, дзе сярод сваіх родных, сяброў-аднакласнікаў, любімых настаўнікаў адчуваў сябе шчаслівым і таксама марыў пра новыя дарогі і новыя жыццёвыя вяршыні. Але спачатку трэба было адслужыць у арміі – гэта ўстаноўка для юнакоў яго пакалення была галоўнай. Армія фарміравала з маладых хлопцаў мужчын, рабіла іх мужнымі і вытрыманамі, здольнымі пераносіць фізічныя і маральныя нагрузкі. Хто не служыў, таго не паважалі, не лічылі сапраўдным “мужыком”, а былыя вайскоўцы гадзінамі маглі расказваць пра сваю службу, гартаць “дзембельскі” альбом, успамінаць.

Да службы Саша Шылаў скончыў 9 класаў Новаяльнянскай сярэдняй школы, а ў 1980 г. – Навагрудскае ПТВ № 193. Працаваў рабочым у будаўнічай брыгадзе на камбінаце хлебапрадуктаў у г. п. Наваельня.

У кастрычніку 1980 г. прызваны Дзятлаўскім райваенкаматам у Савецкую Армію. Праводзілі яго, як тады было прынята, мама і тата, родныя, суседзі і аднакласнікі-сябры. Ехаў са спакойнай душой, служыць хацелася, уяўляў, як будзе выглядаць у вайсковай форме, зробіць здымак і прышле матулі – хай палюбуецца на сына!

Служыць Аляксандру Шылаву давялося ў некалькіх месцах, у тым ліку і ў Аўганістане (са студзеня 1982 года), дзе ішла вайна, кожны дзень гінулі савецкія салдаты – ад кулі душманаў, ад гранат і мінаў, расстаўленых на горных дарогах. Неймаверная спёка, смага, едкі пыл на дарогах – гэта Аўганістан. Не заўсёды ў час дастаўлялася харчаванне, ніколі не ведалі, што можа здарыцца ноччу і калі выклікаюць па трывозе на баявое заданне. Прайсці праз пекла Аўганскай вайны давялося не ўсім. Ахвяр было нямала. Цынкавыя грабы самалётамі дастаўляліся на радзіму загінулых салдат. І кароткія лісты ад імя камандавання: загінуў смерцю героя, годна выканаў свой інтэрнацыянальны абавязак.

Загінуць, але застацца героем – такі лёс напаткаў і Аляксандра Шылава з Наваельні. Гэта здарылася ў баі каля населенага пункта Кабабіян правінцыі Герат. Хлопец быў цяжка паранены, а на наступны дзень памёр ад ран. Смерць напаткала яго 19 сакавіка 1982 года.

Малодшы сяржант Аляксандр Шылаў за мужнасць і адвагу пасмяротна быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.  Пахаваны ў Наваельні, у паўночна-ўсходняй частцы пасялковых могілак.

Кожны год 15 лютага мы вяртаемся думкамі і душой да тых далёкіх падзей, стаім каля помнікаў і мемарыяльных дошак, схіліўшы галовы, і спрабуем уявіць, што давялося прайсці гэтым немаладым ужо мужчынам – былым аўганцам, што стаяць побач з намі. І кожны год радзеюць іх рады. Але памяць пра тую вайну жыве. Жыве ў дзецях і ўнуках, у кнігах памяці, фотаздымках, экспазіцыях музеяў.

У экспазіцыі Дзятлаўскага музея таксама ёсць экспанаты, звязаныя з жыццём аўганцаў, у тым ліку загінулых землякоў Дмітрыя Лазовіка і Аляксандра Шылава. Іх няшмат, але кожны экспанат важны і дарагі, бо ўяўляе сабой часцінку яго ўладальніка. І вечную памяць землякоў.

Летась на сцяне Дварэцкай школы была адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар былога вучня – аўганца Дзмітрыя Лазовіка, сёлета 15 лютага такая ж дошка памяці будзе адкрыта на сцяне Новаяльнянскай школы.

Памяць жыве і будзе жыць дзеля таго, каб ніколі не дапусціць новай вайны і новых ахвяр, каб не рваліся над галовамі мірных людзей бомбы, не плакалі дзеці, не гінулі маладыя мужчыны.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

 

 

593