«Смачна есці!» (НЕгастранамічная выстава)

Новая выстава распачала сваю працу ў Музеі беларускага кнігадрукавання. Прысвечана яна ежы ў самым шырокім сэнсе гэтага слова. На выставе прадстаўленыя выданні з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, што распавядаюць аб ежы не проста як аб фізіялагічнай патрэбе, неабходнай для выжывання, але як аб складанай шматаспектнай этнакультурнай і сацыяльнай з'яве, якая шмат у чым характарызуе грамадства, яго традыцыі і звычаі, гурманскія густы і бытавыя прывычкі, светаўяўленні, а таксама ўплывае на развіццё матэрыяльнай і духоўнай культуры.

Тут вы ўбачыце навуковыя археалагічныя і этнаграфічныя даследаванні, выданні, што распавядаюць аб традыцыйнай беларускай кухні, кулінарныя кнігі ў дапамогу гаспадыні, энцыклапедычныя даведнікі, прысвечаныя розным прадуктам харчавання і напоям, а таксама знакамітыя творы беларускай літаратуры, якія надзвычай «смачна» апісваюць ежу. Дапаўняюць экспазіцыю археалагічныя матэрыялы, прадметы побыту, звязаныя з прыгатаваннем, захоўваннем або ўжываннем ежы.

Выстава працуе да 6 лютага 2022 года. Уваход вольны.

Шчыра запрашаем!

691