Цікавы прадмет з фондаў музея — скрынка для чаю

Калекцыя “Прадметы побыту” папоўнілася яшчэ адным цікавым музейным прадметам. У фонды паступіла скрынка для захоўвання гарбаты. Выраблена яна ў Германіі кампаніяй "Heinrich Franck Sohne", прыкладная датыроўка - канец XIX – 1-я пал. ХХ ст.

Скрынка зроблена з бляхі белага колеру, часткова пакрытая цёмна-чырвонай фарбай. Прамавугольнай формы з закругленымі вугламі і адкідным вечкам. З чатырох бакоў і на вечцы аздоблена прыгожым рэльефным узорам у выглядзе расліннага арнаменту. На тыльным баку дна выціснуты рэльефны надпіс "FRANCK".

Заснавальнікам нямецкай кампаніі "Heinrich Franck Sohne", якая з’явілася ў 1883 годзе, быў Ёган Генрых Франк. Але гісторыя бярэ пачатак шмат раней. У 1822 годзе Генрых Франк пасяліўся ў Вайхінгене-на-Энце ў якасці каланіяльнага гандляра і кандытара, а таксама пачаў эксперыменты па вытворчасці кавы з цыкорыя. Па меры росту попыту на прадукцыю гэтай кампаніі,  яе асартымент пачаў значна пашырацца - гарбата, спецыі, цукровая пудра, прыправы. Пазней акрамя ўласна заводаў па вытворчасці замяняльнікаў кавы, кампанія пачала выкарыстоўваць шматлікія дапаможныя прадпрыемствы, у тым ліку саладоўню, друкарню для вытворчасці ўпаковак, цэх па вырабе скрынак, слясарную майстэрню, паравую электрастанцыю і газавы завод.

У Вайхінгене-на-Энце кампанія налічвала 64 прадпрыемствы, але гэта было недастаткова для вытворчасці. Таму, у 1868 і 1869 гадах у Людвігсбургу былі пабудаваны новыя фабрыкі. Акрамя таго, з цягам часу за мяжой таксама адкрыліся шматлікія філіялы.

671