Страчаная спадчына Навагрудчыны. Частка 7. Вялікая халодная сінагога

Наваградак спрадвеку быў мультыкультурным горадам. Тут суіснавалі разам прадстаўнікі не толькі розных рэлігій, але і нацыянальнасцей, а самую значную частку складалі: беларусы, палякі, татары і канешне частка грамады была габрэйскай. Да прыкладу, на пачатак Другой Сусветнай вайны ў горадзе пражывала 11,000 месцічаў, з якіх 63% былі габрэямі.

Габрэі ж з’явіліся ў Наваградку ў ХV ст. Сваю сінагогу яны адчынілі ў 1648 годзе, калі габрэйская абшчына выкупіла будынак у караімаў. Сінагога знаходзілася амаль у цэнтры гораду - адразу за касцёлам Святога Міхаіла. А вуліца, дзе раней была сінагога, спачатку мела назву Жыдоўская, за польскімі часамі яна стала Касцельнай, а потым ужо стала Савецкай. Саму ж сінагогу называлі Вялікай сінагогай альбо Вялікай халоднай сінагогай. Гэта быў прыгожы барокавы храм, пабудаваны з каменю. Інтэр'ер унутры будынку быў багата аздоблены.

Наваградская Вялікая сінагога перажыла дзве Сусветныя вайны, усе рэвалюцыі, працавала яна і «за польскім часам». Пасля Другой Сусветнай вайны ў будынку храма быў зроблены склад. А скончылася гісторыя Вялікай халоднай сінагогі 2 ліпеня 1964 года, калі яе ўзарвалі. Зараз на гэтым месцы знаходзіцца вялікі паркінг.

960