Жаночы строй на Навагрудчыне

Спадарства,

У ДЗЕНЬ ВЫШЫВАНКІ раскажам трошкі пра навагрудскі жаночы строй. Насамрэч, пра навагрудскі строй, у адрозненні ад іншых, не так шмат інфармацыі, так як тэрыторыя сённяшняй Гродзенскай вобласці здаўна апераджала іншыя рэгіёны нашай краіны ў развіцці. З гэтае прычыны Панямонне раней за ўсіх змяніла традыцыйную вопратку на адзенне з крамы.

Як усім добра вядома, адзенне, культура, гаворка і інш. розняцца рэгіён ад рэгіёну. Так, і навагрудскі строй мае свае адметнасці.

Жаночы строй характарызуецца сціпласцю і густам, вылучаецца сваёй стройнасцю сілуэта. Як пісаў этнограф Павел Шпілеўскі, [...]жанчыны Навагрудскага павета больш фанабэрыстыя, чым астатнія жыхары Мінскай губерні[...].

Характэрнымі рысамі навагрудскага строю з’яўляюцца дробна ўзорысты геаметрычны арнамент вышыўкі чырвонымі баваўнянымі ніткамі. Асноўныя колеры традыцыйнага строю зялёны, блакітны, фіялетавы, сіні.

Аснову летняга жаночага гарнітура складалі:

  • кашуля-гарцоўка - кроілі з гесткай, з прамым або сабраным на каўнерац рукавом, вузкім стаячым, утвораным брыжыкамі каўняром або без каўняра;
  • андарак (спадніца) - найчасцей зялёна-блакітнага, зялёна-сіняга ці фіялетавага колераў у буйную клетку; прасавалі ў буйныя складкі, падпяразвалі вузкім дэкаратыўным поясам;
  • фартух - аднаполкавы фартух кроілі са скругленым нізам, аздобленым фальбонай;
  • гарсэт або бурносік - рабілі з чорнай шарсцянкі, меў баску ў выглядзе 6—8 клінкоў. Кароткі бурносік з белага валенага сукна шылі з маляўнічымі складкамі на спіне;
  • пояс;
  • намітка (галаўны ўбор) альбо каптур (чорны ці чырвоны з круглымі вушкамі і ўзорыстымі шаўковымі стужкамі-завязкамі);
  • хустка - дзявочы галаўны ўбор (мог быць з прышпіленай кветкай ці пяром);
  • упрыгожванні на шыі – пацеркі і стужкі;

Жанчыны Навагрудчыны насілі саматканыя спадніцы, а фартух быў на 15см карацейшы за спадніцу. На вышытую сарочку зверху апраналі гарсэт. У адрозненні ад мужчын, жанчыны насілі вузкія паясы. А вось выйсці на вуліцу мужчыне без пояса ці жанчыне без фартуха ці хусткі лічылася верхам непрыстойнасці.

Сябры, чакаем у нашым музеі!

1427