Абараняючы дзяцінства

1 чэрвеня ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Аднак задоўга да яго афіцыйнага ўсталявання ў 1949 г., улады многіх краін ажыццяўлялі клопат аб дзецях, якія засталіся без родных і блізкіх людзей. Колькасць такіх дзяцей павялічвалася ў перыяды войнаў, голаду, эпідэмій.

З першых гадоў існавання савецкай улады ў Полацкім павеце праводзіўся шэраг мерапрыемстваў па абароне жыцця і здароўя дзяцей. Доўгі час тэрыторыя павета была арэнай актыўных баявых дзеянняў у перыяд грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі, у выніку чаго з’явілася вялікая колькасць дзяцей, якія засталіся без бацькоў – беспрытульнікаў.
Уладамі прымаецца рашэнне аб стварэнні для іх дзіцячых дамоў. У 1919 г. у павеце знаходзіліся 3 дзіцячыя дамы – Спаскі (пазней - дом імя ΙΙΙ Інтэрнацыяналу), Запалоцкі і Струнскі, у
якіх утрымліваліся 84 дзіцяці. Але да восені 1921 г. колькасць беспрытульных дзяцей вырасла. Полацкі павятовы аддзел народнай адукацыі праводзіць рэарганізацыю дзеючых дзіцячых дамоў і стварае новыя, два з іх – па нацыянальнай прыкмеце – Яўрэйскую камуну і польскую калонію «Міхалова». Большасць дзяцей, якія знаходзіліся ў дзіцячых дамах, мелі ўзрост ад 10 да 12 год.

У сувязі з голадам у Паволжы ў 1922 г. 20 саўгасаў Полацкага павета прынялі ў сябе 50 дзяцей з пацярпелага рэгіёна, якіх пазней перавядуць у Булаўскі дзіцячы дом. Яшчэ 50 дзяцей з Паволжа прынялі дзіцячыя дамы горада. Сродкаў на ўтрыманне дзяцей катастафічна не хапала. Па-гэтаму шырокае распаўсюджанне атрымала патрыяніраванне, якое ажыццяўлялі як прыватныя асобы, так і арганізацыі, у асноўным ваенныя. У кастрычніку 1922 г. яно ажыццяўлялася над I-м і II-м дамамі Пагранічнай дывізіі, домам Асобнага аддзела «Юны пралетарыят», домам імя Ι Мая пры 43-х камандных курсах.

У дзіцячым доме імя Ι мая з 4-гадовага ўзросту выхоўваўся Барыс Васільевіч Пятровіч (1918-2014), будучы полацкі педагог, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Арганізацыі выдзялялі дзецям адзенне, абутак і пасцельныя прыналежнасці, а таксама бралі на сябе асвятленне памяшканняў і іх бягучы рамонт. Але ў студзені 1923 г. арганізацыі адмаўляюцца ад дапамогі дзіцячым дамам з-за адсутнасці дзяржаўнага фінансавання на гэтыя мэты.

Да пачатку 1923 г. у васьмі дзіцячых дамах на Полаччыне ўтрымлівалася каля 300 дзяцей. Санітарныя ўмовы былі цяжкімі: памяшканні дрэнна прыстасаваны для жылля, не хапала ложкаў і камплектаў посуду, адсутнічалі месцы для ізаляцыі хворых дзяцей і аптэчкі першай меддапамогі.

Для паляпшэння ўмоў жыцці і здароўя выхаванцаў уладамі прымаецца рашэнне аб пераводзе іх у в. Быкаўшчына, у былы маёнтак шляхцічаў Козел-Паклеўскіх. Там ствараўся дзіцячы дом імя Леніна, які праіснаваў амаль стагоддзе. У 1949 г., калі гэтаму дзіцячаму дому спаўнялася 25 гадоў, у газеце «Бальшавіцкі сцяг», быў надрукаваны артыкул Б.В. Пятровіча, у якім былы выхаванец распавядаў аб тым, як змяніліся тут умовы жыцця за дзесяцігоддзі: 2-х павярхоўны спальны корпус, насупраць яго — цагляны будынак школы, клуб з шматлікімі гурткамі, спецыяльна абсталяваны медпункт, будынкі майстэрняў і гаспадарчых памяшканняў — сапраўдны дзіцячы гарадок.

Сёння, у XXΙ стагоддзі, праблема абароны жыцця і здароўя дзяцей, якія па розных прычынах засталіся без бацькоў, усё яшчэ з’яўляецца актуальнай. Улады нашага рэгіёна прадпрымаюць сур’ёзныя крокі для яе вырашэння. Дзіцячых дамоў у той форме, у якой яны існавалі ў XX стагоддзі, ужо няма, але створаны апякунскія і патранатныя сем’і. Для часовага ўтрымання дзяцей, якім патрэбна дапамога, існуюць сацыяльныя прытулкі. У 2012 г. Полацк падтрымаў ініцыятыву Дзіцячага фонда ААН па рэалізацыі правоў дзіцяці ў кожным горадзе. Па рашэнню спецыяльнай міжнароднай камісіі ў 2014 г. горад атрымаў званне «Горад дружалюбны дзецям», якое падтрымлівае і зараз.

110