У Музеі беларускага кнігадрукавання пачала працу новая выстава — «Вольнае прачытанне. Кніга мастака».

На выставе можна пазнаёміцца з такім жанрам сучаснага мастацтва, як арт-кніга. Пад гэтым тэрмінам маюць на ўвазе як высокамастацкае малатыражнае выданне, у якім выявы пераважаюць над тэкстам, так і ўнікальны арт-аб'ект, выкананы пераважна ўручную, у адным экзэмпляры. Аўтары выкарыстоўваюць самыя розныя матэрыялы і тэхналогіі, смела спалучаючы паперу, кардон, тканіну, скуру з керамікай, металам, пластыкам і інш., абыгрываючы розныя элементы кнігі: старонкі, пераплёт, сам вобраз кнігі ў якасці сімвала культуры і ведаў. Кожная кніга ўяўляе сабой крэатыўнае творчае выказванне мастака, аўтарскі расповед, сімвал, вобраз. Менавіта такія мастацкія творы і прадстаўлены на выставе «Вольнае прачытанне. Кніга мастака». У тым ліку можна ўбачыць самыя маленькія кнігі, напісаныя на рысавым і макавым зярнятах.
У выставе ўдзельнічаюць прафесійныя мастакі і дызайнеры Санкт-Пецярбурга і Масквы: Наталля Бельцюкова, Таццяна Уласава, Марыя Касьяненка, Таццяна Лебедзева, Марыя Пагольская, Таццяна Саламаціна, Таццяна Чурсінава, Ірына Яблачкіна, Алена Паўлава (Патаніна) і іншыя. Сярод іх вядомыя мастакі па тэкстылю, кераміцы, жывапісцы, лялечнікі.
Гэтая тэма аказалася блізкаю і беларускім мастакам. Да праекта далучыліся мастакі з Віцебска і Мінска: Антаніна Фалей, Наталля Тарабука, Вольга Рэднікіна, Наталля Канькова. Свае творчыя эксперыменты прадстаўляюць і студэнты-дызайнеры.
На адкрыцці выставы ў Полацку прысутнічалі куратары праекта з расійскага боку Ірына Яблачкіна і Марыя Палубінская; беларускі бок прадстаўляла мастачка з Віцебска Наталля Канькова. Яны пазнаёмілі прысутных са зместам праекта, са свамі поглядамі на арт-кнігу як з'яву і яе месца ў сучасным свеце, адказалі на пытанні і раскрылі некаторыя сакрэты сваёй творчасці.
Выстава будзе працаваць у Музеі беларускага кнігадрукавання (вул. Ніжне-Пакроўская, 22) толькі да 15 снежня ўключна.

739