Музей местачковага побыту

Івянецкі музей традыцыйнай культуры адкрыў яшчэ адзін культуралагічны аб`ект – музей местачковага побыту.
Ён размясціўся ў былым панскім свіране і ўзнаўляе быт местачкоўцаў канца ХІХ – першай паловы ХХ стагоддзяў. Тут можна пабачыць арыгінальныя рарытэты мінуўшчыны: ад унікальнай мэблі і адмысловых прылад працы, сталовага і бытавога посуду, адзення, рукатворнай вышыўкі і ткацтва да маляванак на шкле і розных побытавых дробязяў. Экспазіцыя ўмоўна-храналагічна ўводзіць наведніка ў сенцы, кухню, спальню, залу, чым стварае эфект прысутнасці ў мінулай рэчаіснасці.

Верыцца, што гэты аб`ект у спалучэнні з майстэрнямі “Ганчарня”, “Ткацтва”, “Кузня”, “Майстэрняй мастацкай апрацоўкі драўніны”, музейным аб’ектам “Карчма” зойме сваё месца ў музеяфікацыі мястэчка, а музейны комплекс стане прывабнай фішкай для турыстаў і аматараў даўніны.