Дзяржаўная ўстанова “Івянецкі музей традыцыйнай культуры”

Адкрыты 11 верасня 1957 года як мемарыяльны музей Ф.Э.Дзяржынскага.
Месціцца ў двухпавярховым будынку, пабудаваным у 30-х гадах ХХ ст. У 1977 праведзена рэканструкцыя.
З пачатку 90-х гадоў ХХ ст. калектывам музея вядзецца праца над зборам і даследаваннем прадметаў народнага мастацтва.
23 студзеня 2006 года музей Ф.Э.Дзяржынскага перайменаваны ў дзяржаўную ўстанову “Івянецкі музей традыцыйнай культуры”.

Музейны фонд на пачатак 2012 г. налічвае 18165 музейных прадметаў, у тым ліку асноўны фонд – 12412, навукова – дапаможны – 5753.
Экспазіцыя музея складаецца з чатырох залаў-раздзелаў:
*Гістарыка–этнаграфічны, дзе змешчаны рэдкія фотаздымкі, дакументы, кнігі, прадметы к. XIX - пач. XX ст.ст. Расказваецца пра быт і культуру жыхароў традыцыйнага заходнебеларускага мястэчка Івянец і яго ваколіц. Цікавасць уяўляюць матэрыялы пра графа Тышкевіча, Канстанціна Паплаўскага, Казіміра і Люцыю Дзяржынскіх, народных музыкаў і мясцовых настаўнікаў.
*“Кераміка. Традыцыі і сучаснасць”.
Івянецкая кераміка вядома з XVI стагоддзя. “Сталіцай ганчарства” называлі Івянец у к. XIX – пач. XX ст.ст. Славу прынесла “паліваная” кераміка, якая шырока прадстаўлена ў экспазіцыі. Гэта слаі, глякі, спарышы, рынкі, збаны, місы і інш. Традыцыйны посуд, аздоблены “фляндроўкай” – візітная картка Івянца.
* Выстаўка работ Апалінара Пупко
– народнага майстра, разьбяра па дрэву, які пакінуў пасля сябе вялікую творчую спадчыну: скульптуры, рэльефныя пано, жывапісныя творы. Экспазіцыя дапоўнена культавай пластыкай івянецкіх майстроў XVIII ст., якія складаюць гонар музейнай калекцыі.
У 1998 годзе створаны Цэнтр рамёстваў, дзе дзейнічаюць майстэрні “Ткацтва”, “Ганчарства”, “Кузня”, “Майстэрня па мастацкай апрацоўцы драўніны”, музейны аб’ект “Карчма”. У мастэрнях працуюць вопытныя майстры - метадысты, створаны ўмовы для творчасці, вывучэння асноў рамяства і прапаганды гісторыка-культурнай спадчыны.
На базе Цэнтра рамёстваў, майстэрні якога месцяцца на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу (помнік эклектычнай архітэктуры пач.ХХст.), праводзяцца свята– конкурс “Гліняны звон”, анімацыйнае прадстаўленне “Адвечны гонар – адвечнае каханне”, пленэр “Сонечная цеплыня дрэва”, цукеркавы фэст “IVKON”, адроджаны абрад “Вяселле”.